АЛЕЙ З ЭСТРАГОНАМ І ГАРЧЫЦАЙ.
-1 рондальчык эстрагону,
-3 г. лыжкі зерняў гарчыцы,
-1 л рапсавага алею.
З галінак абарваць лісце эстрагону, памыць і добра абсушыць, каб не было кропель вады. Эстрагон, зерне пімента пакласці ў бутлю, заліць рапсавым алеем і добра закаркаваць. Паставіць на 3 месяцы ў цёмнае месца.
Беларускія\ прыказкі і прымаўкі.
• Каму рупя, той хлеба купя. — Гаспадар павінен рупіцца, каб задаволіць сям'ю хлебам.
• Каму што сьніцца, а курыцы ячмень. — Хто аб чым думае, тое таму й сьніцца. Прыказваюць, калі нехта сны разгадвае.
• Каму я вінін, дык усім дарую. — Гэтак жартуюць з круцяля, які ўсім вінен і не аддасьць доўгу.
• Камэдыя, хто ня ведая, а хто ведая, дык усёроўна камэдыя. — Прыказваюць аб хвальку-манюку. Хто яго ня ведае, дык таму дзіўна, якія ён штукі аб сабе выказвае, а хто ведае, дык таму сьмех зь ягонай маны.
• Кармі жывёлу мукой, дык пойдзя рукой. — Прыказваюць таму, хто наракае, што жывёла не паручыла.
• Карона ні спадзе. — Прыказваюць такому ганарліваму чалавеку, які ўважае за ганьбу, калі ён будзе гаварыць з простым чалавекам, ці яму дапаможа.
• Кароста ні напась, а каму Бог дась. — Прыказваюць да таго, хто мае каросту, калі ад яго людзі адхінаюцца. Гэта не напасьць, што ад яго адхінаюцца, бо баяцца, каб не набрацца каросты.
• Кароткія твае пяты. — Высьмейваюць гэтак таго, хто ня можа дасягнуць, да чаго пнецца.
• Каса на дождж ні глядзіць. — Дажджом каса лепей рэжа траву, чымся пагодай.
• Касі каса пакуль раса. — Папярэджаньне ня ўпускаць зручнага часу пры пэўнай рабоце.
• Ката ў мяшку ні купляюць. — Прыказвае той, хто хоча разглядзець тую рэч, ці жывую істоту, якую хоча купіць ці дастаць.
• Каторы сабака брэша, той ні кусая. — Той вышэй службова пастаўлены чалавек, які сварыцца, а навет і лаецца за благую работу на падуладных, звычайна гэтых падуладных не прыцягвае да адказнасьці. А той, які не папярэдзе, а навет і не пасварыцца, часта ўдае падпарадкаванага сабе й прыцягвае яго да адказнасьці.
• Кату жарты, а мышы сьмерць. — Прыказваюць гэтак пры спрэчках фізычных ці праўных дужага з слабым.
• Кепікі строіць. — Высьмейваць. Зьдзекліва жартаваць: «А ён пачынае зь мяне кепікі строіць».
• Кепска пані Грыгоры, чым далі, тым горы. — Калі нейкая справа пагаршаецца.
• Кехам, кехам, торба зь мехам. — Гэткім гукаперайманьнем перадаюць пачатак плачу маладзёна.
• Кій на кій шкодзя, а абед на абед ня шкодзя. — Прыказвае гаспадар, калі госьць адмаўляецца ад абеду тым, што ўжо паабедаў.
• Кінуў-рынуў. — Без развагі пакінуў: «А ён кінуў-рынуў ды пашоў у сьвет».
• Кінуў хлеб ды пашоў крошак шукаць. — Выказваецца аб тым, хто кінуў неблагую гаспадарку ды пашоў на дрэнныя заработкі.
• Кінь за сабой, знайдзіш пірад сабой. — Калі некаму дапаможаш, дык нехта й табе дапаможа ў бядзе.
• Кіпіць, як у гаршку. — Прыказваюць, калі недзе ў хаце ўшчалася працяглая сварка.
• Класьці зубы на паліцу. — Прыказваюць, калі няма чаго есьці: «Прадам табе жыта, а сам палажу зубы на паліцу?».
• Клін клінам выганяюць. — Прыказваюць, калі лечаць ці папраўляюць гэткім самым чынам, як было пашкоджана.