АЛЕЙ З ПЯТРУШКАЙ
У вычышчаны гарачы алей ці фрыцюр усыпаць прыстойную колькасць свежай, чыста вымытай, абсушанай і дробна насечанай зеляніны пятрушкі. Раз закіпяціць, зліць у чыгун, астудзіць. Ужываецца для смажання бульбы, смажаніны і г. д.
Беларускія\ прыказкі і прымаўкі.
• Злосьці поўны косьці. — Кажуць на сярдзітага чалавека.
• З маей рукі пойдуць (павядуцца) вароны й гракі. — Прыказваюць гандляры, калі прадаюць жывёлу на хоўлю, хвалячы сваю «лёгкую руку».
• З маладосьці грызьці косьці, а пад старасьць мяса есьці. — Лепей змалада пагараваць, каб прыдбаць нешта на старасьць і пражыць яе бяз турбот.
• З малой іскрынкі вялікі пажар бывая. — З маленькай прычыны вялікія справы выбухаюць.
• З маной сьвет пройдзіш, алі назад ня вернішся. — Аб манюках, якім у гэтай самай мясцовасьці другі раз абманіць не давядзецца.
• З музыкі й дудара ня будзя гаспадара. — Бо, калі музыкі загульваюць на вясельлях ды йгрышчах, дык гаспадарка марнуецца.
• Знаіцца ён на гэтым, як сьвіньня на перцы. — Прыказваюць, калі нехта бярэцца выясьняць тое, чаго сам не разумее.
• Знайка ляжыць, а нізнайка бяжыць. — Калі нехта знае сваю работу, дык працуе павольна, адпачывае пры рабоце й у рабоце ёсьць посьпех, а хто не разумее сваей работы, дык бегае, морыцца, і ў рабоце посьпеху няма.
• Знаць-ні-знаю, ведаць-ня-ведаю! — Прыказвае той, хто ўхіляецца, каб яго не ўцягнулі ў нейкую справу.
• Зная ён толькі з носу кап! ды ў рот хап! — Калі блазан-падлетак умешваецца ў гутарку старэйшых ды пачынае іх вучыць.
• Золата й у гразі блішчыць. — Прыказваюць таму, хто хваліцца, што ён добры грамадзкі дзеяч, усім дапамагае, але наракае, што грамада яго не зразумела ды не ацаніла ягоных вартасьцяў, а навет абкідала балотам
• З сваім толькі піць ды есьці, а ні справы вадзіць. — Бо водзячы справы, можна й да звадкі дайсьці.
• З сынам сварыся ды на печ бярыся. Зь зяцем сварыся ды за парог цягніся. — Гэтак прыказвае старая цешча.
• З трох сёл па сабаку. — Калі людзі з розных мясьцін ды з рознымі паглядамі, дык яны ніколі да згоды ня дойдуць.
• З чужога каня й у гразі сьсідаюць. — Прыказваюць, калі спаганяюць пазычаную рэч, хоць яна й патрэбная таму, хто яе пазычыў.
• З чужых сьлёз ніхто ні разжыўся. — Гэтак выказваюць супроць таго, хто выкарыстоўвае крыўду іншых для свайго дабрабыту.
• Зьбіраіцца, як папоўна замуж. — Прыказваюць, калі нехта некуды доўга зьбіраецца, але справа застаецца нявыкананай.
• Зь вялікага груку малы дождж бывая. — Прыказваюць, калі шумлівая справа нічым канчаецца.
• Зь вялікага ня высыпіцца. — Прыказваюць старэйшыя, калі дзеці наракаюць, што ім у вялікую місу налілі есьці, ці далі надзець вялікую адзежыну.
• Зьеў сучку, дык еж і скурку. — Прыказваюць грамадзкаму службоўцу, які любе браць зь сялян магарыч пачастункам. Прыказка паходзе з часоў прыгону: Войт вымагаў зь сялян пачастунку. Адзін селянін зарэзаў авечку, варыў кажны дзень мяса, ставіў кварту гарэлкі ды частаваў войта. Калі ня стала мяса, дык ён зарэзаў сучку і частаваў войта мясам сучкі. А калі й суччына мяса кончылася, а войт усё вымагаў пачастунку, тады селянін паставіў кварту гарэлкі, кінуў на стол суччыну скурку, дый кажа: «Зьеў сучку, дык еж і скурку».