АЛЕЙ ПРАВАНСАЛЬСКІ
Ачысціць 12 долек часныку, растаўчы ў ступцы, паступова дадаць 200 г аліўкавага алею, увесь час памешваючы драўлянай лыжкай, затым - сок цытрыны, сыры яечны жаўток, соль, чорны молаты перац, працягваць мешаць да стану маянэза.
Беларускія\ прыказкі і прымаўкі.
• Граза ў лес ня йдзе. — Пры выхаваньні дзяцей пагроза дае пажаданыя вынікі.
• Гразь, гразь! Чаму ні гарыш? - Бо мокрая! — Аб тым, што незаслужана сябе расхвальвае, або так дрэнна сябе паводзе, што навет гразь на ягоным месцы гарэла-б ад стыду, калі-б ня была мокрая. Ён-жа паставіў сябе ніжэй гразі.
• Грозін рак, ды ззаду вочы. — Прыказваюць, калі слабы пагражае дужаму.
• Грош кругал. — Дзеля гэтага ён раскачваецца на розныя бакі. Прыказвае гэтак селянін, калі яму на розныя патрэбы патрэбныя грошы, а ён іх ня мае, бо грошы «раскаціліся».
• Грун груну вока ні дзяўбе. — Прыказвае пакрыўджаны, калі яму радзяць падаць скаргу да нейкага вышэйшага ўрадоўца на ўрадоўца ніжэйшага, які яго пакрыўдзіў.
• Грызе прыступаючы. — Калі нехта дакарае бязупынку й лаецца.
• Гулі ні аднаго ў лапці абулі. — Перасьцярога маладым, каб не ўдаваліся ў празьмерныя гульні.
• Гультай за работу, а мазоль за руку. — Калі гультай наракае на цяжкую работу, якая быццам яго ў калецтва ўганяе.
• Гультай ляжыць, а доля бяжыць. — Прыказваюць, калі часам і гультаю пашанцуе.
• Гультай сем рэчаў разгадая. — Калі гультая клічуць на работу, дык ён шмат прычынаў знойдзе на тое, каб не працаваць.
• Гультаю хлеб на кію. — Гультая трэба кіям прыганяць да работы, каб зарабіў сабе на хлеб.
• Гэта ведаць толькі Богу ды карове. — Кажуць аб тым, хто мае бяду, цяжкія перажываньні, якіх сорам іншым пахваліцца.
• Гэта віламі па вадзе пісана. — Калі пачуюць навіну, якая найскарэй ня спраўдзіцца.
• Гэтага віташка кожны з свайго гаршка. — З наступнага месяца кажны сам-сабой будзе харчавацца. Віташок - апошняя квадра месяца.
• Гэта кветка ні для твайго носу. — Прыказваюць таму, хто хоча набыць нешта добрае, ці ўвайсьці ў сяброўства з паважнымі асобамі, але тыя рэчы ці асобы яму недаступныя.
• Гэта табе ні калёсы закідаць. — Прыказваюць таму, хто нешта лёгкае й непатрэбнае зробе ці скажа, бо «калёсы закідаць» даволі цяжкая работа. Калі на невялікім панадворку, ці іншым вузкім месцы трэба завярнуцца з калёсамі, дык зад калёсаў даводзіцца падняць на руках ды навокал паднесьці. Тымчасам каму-небудзь нейкую штуку падстроіць, нешта ўкрасьці, зманіць, ці высьмяяць некага, гэта справа лёгкая, а «ні калёсы закідаць».
• Гэта табе ня леташнія дразды. — Прыказваюць таму, хто абяцае моцна трымаць сакрэты, хоць раней ня раз гэтак сама абяцаў, але заўсёды выдаваў іх. Гэтая прыказка паходзе ад казкі: Хлопец пайшоў да сьвятара спавядацца. Сьвятар упэўніў хлопца, што ён будзе трымаць у сакрэце ўсё, што хлопец яму скажа на споведзі. На споведзі хлопец прызнаўся, што ведае драздова гняздо ў ліповым дуплі. Калі назаўтра хлопец пайшоў глядзець сваіх драздоў, дык іх там ужо ня было. Калі налета той-жа хлопец пайшоў ізноў да споведзі да таго самага сьвятара, дык той і цяпер пачаў упэўніваць, што ня выдасьць сакрэтаў сказаных на споведзі. На гэта хлопец выкрыкнуў: «Гэта табе ня леташнія дразды».
• Гэта як «Аман» у пацірах. — Калі праўда не падлягае сумліву.