АЛЕЙ САЛАТНЫ З ЧЫРВОНЫМ ГОРКІМ ПЕРЦАМ
-алей раслінны - 500 г
-перац струкавы горкі - 0.25 струк
-зеляніна пятрушкі сушоная - 20 г
-воцат яблычны - 100 г
Зеляніну пятрушкі дробна нарэзаць, прасеяць скрозь сіта, заліць яблычным воцатам, вытрымаць 4-8 гадзін і злучыць з алеем. Сумесь заліць у бутэльку, узбоўтваючы, добра перамяшаць, дадаць у яе перац. Настойваць 3-4 дні пры пакаёвай тэмпературы. Струк перцу з алею не выдаляецца.
Беларускія\ прыказкі і прымаўкі .
• Даўшы пугу, трэба даць і лейцы. — Калі бацька даручыў сыну ці зяцю выконваць працу на гаспадарцы, дык ён мусе дазволіць і кіраваць гэтай працай.
• Два вякі жыць ня будзім. — Гэтак напамінаюць старому чалавеку, які зьбірае вялікія запасы.
• Два гады ні вячэрай, дык на трэці хлеба застанецца. — Гэтак жартуюць з таго, хто позьніцца на вячэру ды ня еўшы спаць кладзецца.
• Два каты на адным саля ня тоўпюцца. — Прыказваюць, калі два гаспадары жывуць на аднэй гаспадарцы або два зайздрывыя ўрадоўцы абслугоўваюць адну грамаду людзей.
• Двор па бор, вароты па балота. — Аб нядбайным гаспадары, якога панадворак неабгароджаны ды зямля ляжыць дзірваном па самы бор, няма ніякіх варотаў і варотамі балота, бо празь яго не пераедзеш.
• Дзе ахвота, там і работа. — Толькі тая работа вартасная й спорная, што выконваецца пры сваёй ахвоце.
• Дзе баліць, там і лучаіцца. — 1. Бывае часта, што ўдараць ізноў раней пашкоджанае месца на целе. 2. Калі аднаўляюцца мінулыя, яшчэ незаспакоеныя беды й балючыя перажываньні.
• Дзе гэта чута? Дзе гэта відана? — Гэтак запярэчваюць апавядальніку, калі маюць сумліў у праўдзе ягонага апавяданьня.
• Дзе дзень, дзе ноч - і тыдзінь проч. — Аб валачашчым чалавеку, які жыве без аніякое мэты, абы пражыць.
• Дзе добрыя дочкі дзяюцца, а дзе благія нявесткі бяруцца? — Гэтак разважае той, хто чуе, што кажная матка хвале сваю дачку, што па дабраце няма ей раўні ў сьвеце. Калі-ж гэтая самая дзяўчына выйдзе замуж, дык сьвякроў яе гане, што гэткай благой няма другой у сьвеце.
• Дзе каму баліць, там той і студзя. — Кажны мае свае беды й клопаты й стараецца іх залагоджваць.
• Дзе кінь - там клін, дзе пала - там прапала. — Напамін, каб рупіліся аб сваей маемасьці ці гаспадарцы, бо калі здаць пад нагляд іншых - будзе ўбываць або й зусім прападзе.
• Дзе коратка, там і рвецца. — Калі тое ў гаспадарцы прападае, чаго й так нехапала.
• Дзе любюць, дык і туды ні ўчашчай, а дзе ня любюць, дык там і нагой ні бывай. — Навука бацькоў сваім дзецям, каб зачаста ня бывалі там, дзе іх любяць, бо надакучаць і там.
• Дзеля аднаго жыда кірмаш будзя. — Прыказвае селянін, калі паляніцца пайсьці ў воласьць на сходку.
• Дзеля аднаго салдата ня будзя войска шчарбата. — Прыказваюць, калі ў гаспадара просяць таго, чаго ён шмат мае. Калі ў яго драбніцу ўзяць, ад гэтага ўбытку ў гаспадарцы ня будзе.
• Дзеля дружбы й цыган вешаўся. — Жартуюць з таго дзяцюка, які на кірмашы палез бараніць свайго сябру й сам дастаў па карку.
• Дзе маё не прапала? — Кажа той, хто плаце не заслужаныя выдаткі.
• Дзе маё ні прапала. — Прыказвае той, хто нейкую невялікую рэч адступае другому. Прыказвае й той, хто мае нейкую невялікую страту ў гаспадарцы.
• Дзе мы жывём, там пуга з вузлом. — Прыказвае той, каму дрэнна жывецца.
• Дзе начуя, там ня днуя. — Аб валачашчым чалавеку.