АЛЕЙ З ШАЛФЕЯЙ, МАЦЯРДУШКАЙ, РАЗМАРЫНАМ
-3 сцябла шалвеі,
-2 сцябла мацярдушкі,
-1 сцябло размарына,
-4 зубчыка часныку,
-750 мл сланечнікавага алею.
Траву вымыць і абсушыць так, каб не было ніводнай кропелькі вады. Часнык ачысціць і парэзаць напалову. Усё пакласці ў бутлю, заліць алеем і добра закаркаваць. На 8 дзён паставіць у цёмнае сухое месца.
Беларускі\ прыказкі і прымаўкі.
• Абадранцы пусьціліся ў танцы. — У простым сэньсе гэтак прыказваюць тым, што ў непрызваітым выглядзе выступаюць перад людзьмі. Гэтак-жа прыказваюць людзям, якія бяруцца за справу, да якое непадрыхтаваныя няздольныя.
• Аб воўку памоўка, а воўк тут. — Прыказваюць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а ён у гэты час зьяўляецца.
• Абедаў, абедаў, а жывот ня ведаў. — 1. Гэтымі словамі гаспадары перапрашаюць гасьця ці робяць яму вымову, што ён хоць доўга сядзеў за сталом пры ядзе, а страва ўся цэлая. 2. Гэтымі словамі работнік наракае гаспадара, калі ён хоць і доўга сядзеў за сталом пры абедзе, але галодны, бо ежа была або няпрыгодная, або яе было мала.
• Абіваць парогі. — Часта да некага хадзіць і надакучаць гаспадару.
• Абіцаная шапка на вушы ня лезя. — Гэтак упікаюць таму, які шмат абяцаў за аказаную дапамогу, але нічога ня даў.
• Абіцанка-цацанка, а дурному радасьць. — 1. Гэтак высьмейваюць паслухмянага-наіўнага чалавека, што вера абяцанкам ліхвяра-ашуканца. 2. Гэтак прыказвае ашуканы чалавек, калі ашуканец не аддае, што вінаваты, а цеша абяцанкамі.
• Аблізаў таўкач. — Гэтак высьмейваюць таго дзяцюка, які езьдзіў да дзеўкі ў сваты, ды дзеўка адмовілася выйсьці за яго замуж.
• Або едзь, або на бок зварачавай. — Кажуць да таго, хто работы ня робе й не адмаўляецца ад яе.
• Або іграй, або грошы аддай. — Гэткія патрабаваньні ставяць да таго, хто ўзяў наперад плату, ды ня хоча выконваць умоўленай работы.
• Або пан, або прапаў. — Гэтак прыказвае той, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну. Калі чын удасца, дык будзе ў павазе, славе й багацьці: будзе панам, а калі ня ўдасца, дык загіне, прападзе.
• Або сена клок, або вілкамі ў бок. — Тут у простым сэньсе гаворыцца аб быку. Гэтак прыказваюць таму, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну малой выгранкай.
• Абоя - рабоя. — Гэтымі словамі робяць параўнаньне, калі абое роўныя, адзін варты другога.
• А братачка мой, зьела сучка лой. — Жартаўлівая гульня словаў. Гэтак прыказваюць, каб перабіць пустую гутарку.
• Аб свайго гаварыць - галава баліць. — Гэтак наракае той, хто мае блізкіх з радні людзей, якія дрэнна сябе паводзяць і гэтым зьнеслаўляюць усю радню.
• Абсьліненая ваўком авечка ў лес бяжыць. — Былі такія назіраньні, што калі воўк злове авечку ды нясе ў лес і зь перапуду кіне яе ды ўцякае, дык яна не варочаецца да стада, але па сваей авечай дурноце бяжыць у лес за ваўком. Гэтак прыказваюць тады, калі нехта збаламучаны сваім ворагам-злачынцам, ідзе за ім на сваю пэўную загубу. Гэтак кажуць і аб тых, што ідуць навосьлеп за ворагамі-чужынцамі на сваю нацыянальную загубу.
• Абуў у лапці. — Прыказваюць, калі нехта моцна ашукаў.
• Абхадзіў туркі-баркі й воўча балотца. — Прыказвае той, хто шмат хадзіў, нечага шукаючы ці прапытваючы.
• Абы біда, а грашы будуць. — Гэтак прыказваюць, калі неўспадзеўкі на беднага чалавека звалілася бяда й патрэбныя грошы, бо ён або нешта патрэбнае прадасьць, або пазыча, але грошы дабудзе.