АЛЕЙ З ЦІМ’ЯНАМ.
-5-6 сцеблаў цім’яна,
-500 мл алею.
Сцеблы цім’яна пакласці ў бутлю. Падагрэць алей і заліць цім’ян. Закаркаваць і паставіць на 1-3 тыдні ў цёмнае халоднае месца, затым працадзіць скрозь сіта, разліць у чыстыя сухія бутэлькі, добра закаркаваць.
Беларускія\ прыказкі і прымаўкі
• Ад напасьці ні прапасьці. — Прыказваецца калі на нявіннага чалавека ўзложаць напасьць, бо ня трэба тады ўдавацца ў роспач, але напасьць мужна пераносіць і ад яе бараніцца.
• Адно вока й тоя спаць хоча. — Аб нядбайным гаспадару, у якога ёсьць усяго адна нейкая рэч ці жывая істота, але й яе трэба дагледзіць. Прыкладам, ёсьць адно дзіця, якое трэба добра выхаваць і навучыць.
• Аднолькава, браця, гініш, дык аддай мне й канаплініц. — Калі бедны чалавек гіне, дык ягоны багацейшы сусед ня толькі яму не памагае ў бядзе, але хоча загарнуць і апошнюю маемасьць. Канаплінец - месца, дзе сеюць каноплі, звычайна найлепшая ў гаспадарцы зямля.
• Аднолькава разбрахаўся, дык аб кросны папытаўся. — Аб гаварлівым чалавеку, які перапрашае, што памыліўся ў гутарцы, ці сказаў непатрэбнае слова. Талковы мужчына не павінен гаварыць аб жаночых справах, кросны-ж - жаночая работа.
• Адно права праў. — Рабі адну работу. Прыказваюць, калі нехта за колькі работ зразу бярэцца. Прыклад: «Ты, хлопец, адно права праў - калі ясі, дык еш, а не - вылазь з-за стала ды чытай».
• Адну авечку стрыгуць, а сем трасецца. — Прыказваюць, калі на аднаго зь вёскі спадзе раптоўная бяда, якая можа зваліцца й на кажнага іншага. Прыкладам, адну сям'ю апісалі й вывозяць на высылку, а ўся вёска дрыжыць ад страху, бо ўжо заўтра гэта-ж можа здарыцца з кажным іншым.
• Адну дзірку ладзь, а другая там-жа глядзь. — Старой благой рэчы ня варта ладзіць, бо не аплаціцца.
• Адных бацькоў дзеці ды няроўныя. — Прыказваюць, калі родныя браты маюць розныя характары ці розныя пагляды.
• Аднэй маткі дзеткі ды ніаднолькавыя песьні пяюць. — Хоць і аднаго краю людзі, але маюць розныя перакананьні.
• Ад пекла адарваўся й да раю ні дастаўся. — Аб тым, хто з благога месца вырваўся, але й у добрае ня змог папасьці.
• Адпёк пірагі. — Прыказвае той, хто адпомсьціўся за сваю крыўду.
• Ад прыбытку галава ні баліць. — 1. Кажуць таму, хто мае прыбытак хоць і малы. 2. Гіранічна жартуюць з таго, каму ў сям'ю прыбыў непажаданы чалавек.
• Ад работы і коні дохнуць. — Гэтак прыказвае гультай, калі яго прымушаюць да работы.
• Ад роднага таткі дорагі й латкі. — Ня толькі тая спадчына дарагая ад блізкога чалавека, якая мае матар'яльную каштоўнасьць, але яшчэ даражэйшаю можа быць тая, што хавае ў сабе дарагі ўспамін аб блізкой асобе.
• Адрыгнуцца ваўку авяччы сьлёзы. — Прыйдзе час, калі й дэспаты будуць пакараны за свае злачынствы.
• Ад сьмерці рук ні падложыш. — Гэтак разважаюць таго чалавека, у каго памерла блізкая асоба.
• Ад сьніткі ногі як ніткі. — Гэтак прыказвалі даўней, калі раньняй вясной варылі мяцьва з травы сьніткі, зь якога целу ня было пажытку.
• Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі й елі. — Часта людзей да беднасьці прыводзіць п'янства й смачная ежа.
• Ад хатняга злодзія ні ўсьціражэшся. — Прыказваецца тады, калі нехта жыве з злодзеям.