АЛЕЙ З ЧАБОРАМ.
-5-6 галінак свежага чабора,
-1 долька часныку,
- 225 мл аліўкавага алею.
Чабор вымыць і добра прасушыць (зеляніна павінна быць абсалютна сухой , інакш будзе брадзіць). Часнык ачысціць і пасушыць. З галінкамі чабора апусціць у стэрыльную бутэльку. Даверху заліць алеем. Бутэльку закаркаваць і ўжываць мінімум праз 2 тыдні.
Беларускія\ прыказкі і прымаўкі.
• Калі з засека цячэ, дык і няўмека хлеб сьпячэ. — Калі ёсьць на чым гаспадарыць, дык і мала практыкоўны чалавек патрапе нешта зрабіць.
• Калі Каляды ў віташку, дык хавай насеньня ў мяшку. — Сялянская прыкмета аб тым, што калі Каляды ў веташку, дык будзе раньняя вясна й рана давядзецца сеяць.
• Калі капуста дагодзя, дык і самавар не зашкодзе. — Пасьля сытнага абеду, дык добра й чаю выпіць.
• Калі конь ня выліняў да Яна, дык пускай яго да другога пана. — Сялянская прыкмета аб тым, што калі конь посьле зімы не паправіўся да 24 чэрвеня, дык прадавай, бо наступнай зімы не перажыве.
• Калі мазур ехаў на кірмаш, дык агуркі абіраў (ды еў), а калі ехаў зь кірмашу, дык шалупіны падбіраў (ды еў). — 1. Гэтак высьмейваюць ганарыстасьць мазураў. 2. Высьмейваюць таго, хто ня ўмее кіраваць сваімі запасамі, ня думае аб заўтрашнім, а жыве толькі сяньняшнім днём.
• Калі маіш у хаця вольны куток, дык пастаў барану, бо лепі будзя абыходзіць барану, як добрага кутніка. — 1. Бывае заўсёды вялікі неспакой, калі дзьве сям'і жывуць у ваднэй хаце. 2. Гэтую прыказку сяляне ўспаміналі, калі бальшавікі сталі іх заганяць у калгасы і змушалі жыць у ваднэй гаспадарцы не па дзьве сям'і, але й шмат болей.
• Калі Марцэля высьпіцца, дык і сама ўстаня. — Прыказка аб тым, што калі жыцьцёвыя патрэбы чалавека задаволеныя, тады няма клопатаў і ў кіраваньні ім.
• Калі мінула дваццаць пяць, дык дома сядзь. — Прыказваюць аб дзеўцы, бо даўней дзеўку посьля дваццаці пяці гадоў уважалі за перастарка й яе ня бралі замуж.
• Калі надзеніш балахон, дык лезя дух вон. — Гэтак высьмейваюць таго, хто любе хвасьліва адзявацца, але пры гэтым церпіць стужу, ці іншую нявыгоду.
• Калі нам жаніцца, дык тады ноч мала. — Прыказвае той, хто бярэцца за паважную справу, а тут часу нехапае, ці здараюцца іншыя перашкоды. Магчыма гэтая прыказка паходзіць з старых часоў, калі ночы кралі дзяўчат на жонак.
• Калі ні грагала варона ўгору літучы, дык уніз літучы ўпагатовя грагаць ня будзя. — Калі нехта не дасягнуў славы маладым, калі ішоў угору - ішоў проці веку, дык упагатове не праславіцца, калі стаў старэць і дажываць свайго веку.
• Калі нідаясі, дык і сьвятога прадасі. — Калі прыцісьне голад, дык даводзіцца прадаць на хлеб і сьвятую (ня ў сэньсе рэлігійным) рэч.
• Калі німа хлеба, дык ня трэба было краўца прасіць. — Калі няма чым частаваць, дык ня трэба гасьцей запрашаць. (Кравец шыў у гаспадара на гаспадарскім хлебе).
• Калі ні наеўся, дык і ні наліжысься. — Калі нечым вялікім не запамогся, дык і крошкамі не надцягнешся.
• Калі ні намалоцім, дык і ні накалоцім. — Калі не намалацілі збожжа малоцячы снапы, тымбольш не дабыць яго трасучы віламі салому. Калі на вялікай справе была ўтрата, дык і з малой ня будзе запамогі.
• Калі ні папрала Піліпаўка, дык папрадзе ліпаўка. — Піліпаўка або Калядоўка, у сьнежні перад Калядамі, калі найдаўжэйшыя ночы й жанчыны шмат спрадаюць кудзелі. Калі гаспадыня не магла папрасьці кудзелі ў Піліпаўку, дык мусіць узяць збожжа зь ліпаўкі ды заплаціць нейкай кутніцы за пражу. Прыказваюць таму, хто не зрабіў нейкай работы ў сваім часе посьля мусіць за выкананьне гэтай работы дорага плаціць.