ПУНШАВАЯ ЭСЭНЦЫЯ-2
-чырвонае віно - 100 ч
-белае віно - 50 ч
-арак - 200 ч
-цукар - 120 ч
-цытрынавая эсэнцыя, прыгатаваная са свежай скарынкі (1:3 спірту) - 4 ч
- цытрынавая кіслата - 1 ч
Сумесь награваюць да 75-80°, настойваюць на працягу 2 дзён і фільтруюць.
Беларускія прыказкі і прымаўкі.
• Які госьць, такая й чэсьць. — Паважнага гасьця добра прымаюць і частуюць, а на няпрошанага не зьвяртаюць увагі.
• Як ідзе арэнда, дык сын камэнда, а як падыходзя рата, дык глядзі ты, тата. — Прыказваюць бацькі-гаспадары, калі дзеці іх ашукваюць. Гутарка гэтта аб благім сыне арандатара. Калі трэба нешта збываць з гаспадаркі, дык сын прадае, а калі трэба плаціць за арандаваную зямлю, дык сын напамінае, каб бацька пашукаў грошы.
• Які дзень, такі й пажытак. — У сьвяточны дзень і харчаваньне лепшае.
• Які сьвердзіл, такая й дзюрка. - Якая матка, такая й «цурка». — Па натуры й паводзінах дачка ўпадабняецца матцы.
• Якія мы самі, такія нашы й сані. — Аб характары чалавека можна судзіць па ягоных рухах, рабоце й рэчах.
• Як кот наплакаў. — Калі нехта хваліцца, што ён шмат зрабіў работы, а ён у запраўднасьці нічога не зрабіў.
• Як кукамі зьбіты. — Як вылеплены з гліны. Прыказваюць да сытага, тучнага, моцнага чалавека.
• Як мокрая гарыць. — Калі нехта марудна працуе.
• Як мы былі козы, дык і ў нас былі рогі. — Гэтак старыя напамінаюць тым бацьком, якія забараняюць сваім дзецям хадзіць на ігрышчы, бо калі тыя бацькі былі маладыя, дык і самі хадзілі
• Як мы ў людзей ядзім, дык мы тады весіла глядзім, а як у нас людзі ядуць, дык у нас тады сьлёзкі цякуць. — Аб скупых і зайздрывых людзях. Калі ім дапамагаюць, дык яны вясёлыя, а калі трэба людзям дапамагчы, тады ім няміла.
• Як нам жаніцца, дык тады ноч мала. — Калі пры выкананьні важнай работы нехапае часу.
• Якоя дрэва, такі й клін; які бацька, такі й сын. — Аб прыроднай спадчыннасьці бацькаўскага характару на дзяцей і аб выхаваньні. У сумленных бацькоў будуць сумленныя, выхаваныя дзеці.
• Як памёрла матка, дык асьлеп і татка. — Калі памёрла маці, а бацька ажаніўся ізноў, дык ён мала ўвагі зьвяртае на дзяцей ад першай жонкі.
• Як пасьцелішся, гэтак і высьпішся. — Як чалавек аб сабе парупіцца, тое ён будзе сабе й мець.
• Як пашло з раньня, дык ідзе аж да вечара. — Прыказвае той, каму змоладу не шанцавала ды не шанцуе да самай старасьці.
• Як пашоў, дык і плех знашоў. — Аб тым, хто некуды першы раз пашоў ды там нейкую бяду ці няпрыемнасьць нажыў.
• Як просюць, дык жнуць і косюць. — Калі нехта просе пазыкі ці нейкай дапамогі, дык абяцае за гэта адгадзіцца, памагаць жаць і касіць, а посьля атрыманьня забываецца на свае абяцанкі.
• Як прышло, так і пашло. — Калі нейкі прыбытак лёгка прыходзе дык ён марна й выдаткуецца.
• Як пяюць, гэтак і адпіваюць. — Як мы будзем ставіцца да людзей, гэтак і людзі да нас.