АПЕЛЬСІНАВАЯ ЭСЭНЦЫЯ.
Эсэнцыя падрыхтоўваецца з саструганай апельсінавай скарынкі, якую кладзём у бутэлечку і заліваем чыстым спіртам ці каньяком. Некалькі кропель гэтай эсэнцыі досыць, каб надаць прыемны водар варэнню, пудынгу, кексу ці торту.
Беларускія прыказкі і прымаўкі.
• Хоць і ня родзя, алі насеньня ня зводзя. — Аб вельмі благой зямлі.
• Хоць і па шэлігу луста, алі кішэнь пуста. — Хоць і танна прадаецца хлеб ці іншыя рэчы, але калі няма грошы, дык ня купіш.
• Хоць і сто лет, алі сораму нет. — Аб старой працоўнай жывёле й старой людзіне. Старасьць ня ганьба, калі старая жывёла выконвае сваю працу, а старая людзіна свае абавязкі.
• Хоць і сьмешна, алі ні пацешна. — Смех накіраваны супроць нас не дае ўцехі.
• Хоць і трашчу, ды ні пушчу. — Гэтак кажа лёд увосень.
• Хоць кажух застаўлю, алі на сваім пастаўлю. — Прыказвае ўпарты й настойлівы пры спрэчцы.
• Хоць кішэнь пуста, алі душа чыста. — Хоць бедны, але з чыстым сумленьнем.
• Хоць латаная, алі ні хватаная. — Прыказна сумленнага чалавека аб тым, што ён і бедны, але ня злодзей.
• Хоць мы гультаі, алі й вы ні артаі. — Гэта адказ ка абразьлівае слова «гультай», калі яго кажа той, хто мае яшчэ большыя недахопы.
• Хоць ні трашчу, алі пушчу. — Гэтак кажа лёд вясной.
• Хоць ня ўежна, дык улежна. — Прыказвае той, хто мае хоць і малую плату, але затое работа лёгкая.
• Хоць ты й лыкам шыт, алі мой бацька быў. — Прызнаньне да свайго бацькі прастака. З казкі: Дачка гэтак галасіла-прыгаварвала па сваім памерлым бацьку.
• Хоць украду, алі прывяду. — Кажа той, хто прыракае, што аддасьць доўг.
• Хоць украў, алі добра схаваў. — Адказ таго, якога вінавацяць у нейкім злачынстве, але праўна ён чысты
• Хоць якая папа, абы ні гуляла лапа. — Гэтак даўней казалі старыя, калі дзеці наракалі, што чорны хлеб (жыта зь мяккінай).
• Хоць яшчэ й ня позна, алі прыдзіцца тут начаваць - сказаў ліс, уваліўшыся ў пастку. — Так кажа разважлівы чалавек, апынуўшыся ў распачлівым стане.
• Хто ажаніўся, той каіцца, а хто ні ажаніўся, той галіцца. — Жанатыя часта зайздруюць нежанатым, але-ж не зважаючы на гэта - нежанатыя жэняцца.
• Хто арэ, хто барануя, - усіх Бог параўнуя. — Усе людзі памруць.
• Хто бабы слухая, той сам баба. — Насьмешка над тым мужчынам, якім жонка кіруе.
• Хто дбая, той і мая. — Аб рупным гаспадару.
• Хто дужшы, той пружшы. — Хто мацнейшы сілай - перамагае фізычна, хто мацнейшы багацьцем - перамагае праўна.
• Хто есьць нажом, той зьесьць ражон. — Бацькі-сяляне строга забараняюць дзецям і падлеткам карыстацца нажом пры ядзе.